Пайшоў з жыцця Міхал Анемпадыстаў…
Сябра саюза БСД, сябра Рады БСД і проста сябра.
Нарадзіўся ў Мінску ў 1964 годзе, скончыў Мінскую мастацкую вучэльню імя Глебава, але ці адкажуць сухія біяграфічныя звесткі, кім ён быў для ўсіх нас?
Неяк ён казаў, што яго жыццёвай місіяй ёсць зрабіць жыццё лепшым, і на працягу жыцця ён ствараў лепшую Беларусь, як дызайнер працуе над праектам. Не толькі выбітны графік, дызайнер, мастак, але і паэт, словы якога пра простыя словы і простыя рэчы ведае, мабыць, кожны беларус. Аўтар “Народнага альбому” – першага супольнага беларускага музычнага праекта. Ды й не толькі яго. Аўтар тысячаў плакатаў, афіш, налепак, вокладак – таго, што надае належную форму адпаведнаму зместу. І многія не ведаюць пра яго аўтарства, бо Міхал не меў звычкі хваліцца сваімі дасягненнямі. Сціпласць, годнасць, тактоўнасць былі стылем яго жыцця.