Вынікі конкурса да 215-годдзя Напалеона Орды

З 23 чэрвеня па 23 верасня Беларускі саюз дызайнераў праводзіў конкурс на стварэнне мастацкіх твораў у галіне плакату і іншых ужытковых форм (прынты для аддзення і торбаў, сувеніры, аксэсуары, тату і г.д.), а таксама памятнага знака, для абазначэння архітэктурных аб’ектаў, якія маляваў Напалеон Орда, прысвечаны яго 215-годдзю.
 
У склад журы конкурса ўваходзілі:
– Генадзь Мацур – старшыня секцыі плаката ГА "Беларускі саюз мастакоў"
– Дзмітрый Сурскі – старшыня ГА "Беларускі саюз дызайнераў"
– Сяргей Саркісаў – сябра ГА "Беларускі саюз дызайнераў", сябра ГА “Беларускі саюз мастакоў”.
– Уладзімір Голубеў – сябра Рады ГА "Беларускі саюз дызайнераў", дацэнт кафедры камунікатыўнага дызайну БДУ.
 
Па выніках галасавання журы былі выбраны наступныя пераможцы:
– Катэгорыя “плакат”:
1 месца – Грыбанава Анастасія
2 месца – Тарэеў Юрый
3. месца – Бондар Віталь
– Катэгорыя “іншыя ўжытковыя формы”:
1 месца – Гардашнікава Таццяна
2 месца – Шапялевіч Марыя
3 месца – Астахновіч Аліса
У катэгорыі “памятны знак” дзве працы набралі аднолькавую колькасць балаў, таму журы вырашыла не аддаваць перавагу адной рабоце і падзяліць прэмію паміж двума аўтарамі:
1 месца – Астахновіч Віктар
1 месца – Завадская Вікторыя
3 месца – Дунаеў Аляксандр
 
Упершыню ў Беларусі мы зварнулі ўвагу мастацкай супольнасці да выбітнай фігуры Напалеона Орды, чыя творчая спадчына з'яўляецца важнай крыніцай адраджэння нашай былой архітэктурнай велічы. У фармаце конкурса мы запрасілі да ўдзелу мастакоў стварыць розныя працы з нагоды юбілея Орды без жанравага абмежавання ад ўжытковай графікі да малых архітэктурных форм. Мы радыя, што гэта атрымала водгук ад творцаў з розных галін мастацтва. Усяго ў конкурсе ўдзельнічала 47 прац ад 28 аўтараў. Не так шмат, але ж мы маем вынікі, якія ўжо зацікавілі музейны комплекс імя Напалеона Орды, Нацыянальнае агенцтва па турызму, і падштурхнулі да наступных крокаў творчага асэнсавання ролі і месца гэтага чалавека ў гісторыі нашай краіны.
 
Галоўнай мэтай конкурсу для нас было стварэне прыкладаў арт-аб'ектаў для ўсталявання і вызначэння месцаў і краявідаў Беларусі, да якіх у сваёй творчасці звяртаўся Н. Орда. Іх рэалізацыя стане зместам інтэрактыўнай турыстычнай мапы, дзеля якой гэтыя мясціны стануць найбольш прывабнымі для наведвання, дзякуючы сучасным разнастайным формам арт-аб’ектаў, адпавядаючых архітэктурнаму і ландшафтнаму кантэксту, духу месцаў якія маляваў Н. Орда. Гэткая форма інклюзіі актуальнага мастацтва ў гістарычннае асяроддзе , як спосабу захавання яго спадчыны.
 
У гэтай рабоце мы спадзяемся на супрацу і з мясцовымі суполкамі, і з Нацыянальным агенцтвам па турызму, у чым яны ў свой час выказалі сваю зацікаўленнасць. Таму можна чакаць працягу гэтай цікавай супольнай працы дызайнераў, архітэктараў, скульптараў у межах наступных пленэраў і конкурсаў. Такім чынам, мы зможам адзначыць не толькі знакамітыя і вядомыя ў свеце мясціны, але і цікавыя ўтульныя куткі нашай радзімы, нават і там, дзе не захаваліся самі помнікі архітэктуры, для прыцягу ўвагі краеведаў, гісторыкаў, культуролагаў і самага шырокага кола гледачоў да нашай культурнай спадчыны.
 
Мы спадзяемся, што наша ініцыятыва будзе падтрымана творчай суполкай і інспіруе яе на незвычайныя і арыгінальныя формы ўсхвалення постаці Напалеона Орды, нашага знакамітага сваяка, грамадскага і культурнага дзеяча не толькі Беларусі, але і ўсяго свету.
 
З конкурснымі працамі можна азнаёміцца па спасылке.

Дзякуем усім удзельнікам конкурса і сябрам журы за плённую працу, а таксама віншуем пераможцаў!