«МЫ» ў БСД


посмотреть мои работы и заказать съёмку


МЫ2012

Беларуска-польская выстава графічных праектаў.

Галерэя Беларускага саюза дызайнераў (Брылеўская, 14)

Адкрыццё - 1 снежня 19:00

Выстава з’яўляецца вынікам конкурса, мэтай якога было паказаць з дапамогай візуальнай мовы адметнасьць беларускай і польскай культур, альбо, калі казаць прасьцей, атрымаць адказы на пытаньне “хто мы?” ад беларускіх і, адпаведна, польскіх мастакоў. Адказы не вербальныя, не прамоўленыя словамі, а намаляваныя, сфатаграфаваныя, візуалізаваныя.

Большасьць інфармацыі мы атрымліваем менавіта з дапамогай зроку, такая інфармацыя прасьцей, хутчэй і лягчэй засвойваецца, яна не патрабуе перакладу, часам, не патрабуе ўвогуле ніякіх дадатковых тлумачэнняў. Выявы (таксама пахі, смакі, іншыя невербальныя вобразы) ствараюць падмурак, а нават, яшчэ больш глыбокі пласт нашай самасьвядомасьці.

Задачай творцаў было прыгадаць, адшукаць, адабраць, тыя візуальныя вобразы, якія маглі б асацыявацца з краінай і несьці аўтарскі мэсэдж, як для свайго, гэтак і для замежнага гледача. Ці паўсталі ў выніку творы, якія ствараюць новыя вобразы ідэнтычнасьці? Ці замацаваліся ў калектыўнай сьвядомасьці  вобразы старыя? Ці сталіся яны культурнымі кодамі, якімі можна “адмыкаць” культуру, альбо гуляцца імі, ствараючы новыя сэнсы?

Адказы на гэтыя пытанні шукайце на выставе “МЫ2012”. Мажліва, замест адказаў, у Вас паўстануць новыя пытанні. Гэта таксама добра, нават выдатна!

Арганізатарам выставы з’яўляецца Беларускі саюз дызайнераў і Таварыства Творцаў Ужытковай Графікі (Польша). Партнёры праекта: МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Беларускі саюз мастакоў. Экспазыцыя працуе з 1га да 10га снежня (10:00-18:00) штодзённа, апроч суботы і нядзелі.

http://www.my2012.pl/